МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ЦАРКВА́ АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,

помнік архітэктуры эклектыкі ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1870 з цэглы на месцы мураванага храма (згарэў у 1858). Крыжова-купальны храм мае 3 закругленыя рознавял. апсіды, якія асвятляюцца высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Над сяродкрыжжам — шлемападобны купал на 8-гранным светлавым барабане. Такі ж па форме, але меншых памераў купал на высокай 2-яруснай званіцы, размешчанай над бабінцам. Тарцы трансепта завершаны трохвугольнымі шчытамі.

Парталы і аконныя праёмы акаймаваны дэкар. валікам. Пад карнізам па перыметры будынка праходзіць аркатурны пояс. Перад царквой брама ў выглядзе паўцыркульнай аркі, над якой узвышаецца невял. назіральная вежа. Абапал яе размешчаны невысокія галоўкі. Вароты ажурныя, чыгуннае ліццё.

А.​Ю.​Пятросава.

Мсціслаўская царква Аляксацдра Неўскага.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)